Культурная спадчына беларусаў сабрана ў самабытную скарбонку вусна-паэтычнай творчасці. Праз вусна-паэтычнае слова дзіця спазнае лёс роднай Беларусі, яе культуру і гісторыю, яе традыцыі.
Свята – гэта найвышэйшы ўзровень развіцця духоўнай культуры, які адпавядае стану чалавека ў тым ці іншым сезоне, у тым ці іншым узросце. Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у народных святах. Народныя святы даюць магчымасць здзяйсняць рознабаковае выхаванне дзяцей. Свята не толькі прыносіць радасць нашым выхаванцам, але і дае ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, да фальклору.
21.01.2020 г. у нашай установе пад кіраўніцтвам выхавацеля Ненадавец Т.І. і музычнага кіраўніка Дзегцяровай Л.І. прайшлі «Калядныя забавы». Свята было насычана казачнай атмасферай. Выхаванцы прыйшлі ў госці да гаспадыні. Гаспадыня пазнаёміла з галоўнымі героямі свята Казой, Мядзведзем, каляднымі атрыбутамі, стравамі і звычаямі, каляндарным цыклам зімовых свят.
Дзеці з задавальненнем спявалі вясёлыя, калядныя песні “Шчодры вечар”, “Каляда”, танцавалі, адгадвалі загадкі, чыталі вершы, гулялі ў гульні “ Козачка пакажы”, “Рэшата”, “Калядныя падарункі”, гралі на музычных інструментах. На працягу дня дзеці віншавалі ўсіх са святамі і жадалі здароўя, дабрабыту, добрага ўраджаю.
Дзеці і дарослыя акунуліся ў дзівосны свет народнай культуры, атрымалі добры настрой і пачастункі.
Намеснік дырэктара
па асноўнай дзейнасці
Г.М.Бруй





